(6 лютага 1914 - 4 лютага 1978)
Народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў нарадзіўся 6 лютага 1914 г. у мястэчку Саматэвічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Яго бацькі былі настаўнікамі, але ўвесь уклад сямейнага жыцця быў блізкі да сялянскага.
Паэтычны талент А. Куляшова абудзіўся рана. Пісаць вершы пачаў з сямі гадоў. У 1926 г. Клімавіцкая раённая газета “Наш працаўнік” надрукавала яго верш “Ты мой брат”. Аўтару было ў гэты час дванаццаць гадоў. Пасля заканчэння Саматэвіцкай сямігодкі Аркадзь Куляшоў у 1928 годзе паступіў вучыцца ў Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум. Тут ён блізка сышоўся з маладымі паэтамі, якія групаваліся вакол студыі тагачаснага літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. Вялікае пачуццё дружбы моцна з’яднала яго са Змітраком Астапенкам і Юліем Таўбіным - таксама таленавітымі паэтамі. У 1930 годзе ў шаснаццацігадовым узросце ён выдаў свой першы зборнік “Росквіт зямлі”.
З 1931 г. па 1933 г. Аркадзь Куляшоў вучыцца на літаратурным факультэце ў Мінскім педагагічным інстытуце.
У пачатку 30-х гг. выйшлі зборнікі вершаў і паэм А. Куляшова “Па песню, па сонца!...” і “Медзі дождж” (1933).
Этапным творам А. Куляшова, які сведчыў аб сталасці паэта, стала яго паэма “Хлопцы апошняй вайны” (1940).
А. Куляшоў востра перажываў трагедыю першых дзён Вялікай Айчыннай вайны. 24 чэрвеня 1941 года ён пакінуў разбураны Мінск, пяшком прайшоў “горкі шлях” да Оршы, а ў Калініне добраахвотна ўступіў у рады Чырвонай Арміі. Пасля вучобы ў Ноўгарадскім ваенна-палітычным вучылішчы А.Куляшоў працаваў у армейскай газеце “Знамя Советов”.
Ва ўмовах франтавога жыцця А.Куляшоў здолеў напісаць выдатныя мастацкія творы за незвычайна кароткі час. У жніўні 1942 г. была напісана паэма “Сцяг брыгады” — кніга пра байца, які зведаў горыч разгрому брыгады, страту баявых сяброў, але выйшаў з варожага акружэння разам з параненым камісарам. У 1946 годзе твор быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР. У ваенны час паэт піша такія значныя творы, як “Прыгоды цымбал” і “Дом № 24”.
Са снежня 1943 года і да вызвалення Беларусі працуе ў Беларускім штабе партызанскага руху.
У 1945 - 1946 годзе Аркадзь Куляшоў — галоўны рэдактар газеты “Літаратура і мастацтва”, потым начальнік сцэнарнага аддзела.
3 1958 па 1967 год — галоўны рэдактар на кінастудыі “Беларусфільм”.
У 1968 годзе паэту прысвоена высокае званне — народны паэт Беларусі.
У 1970 годзе за пераклады вершаў М. Ю. Лермантава, “Энеіды” I. П. Катлярэўскага, “Спеў аб Гайаваце” Г. У. Лангфела быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы.
У 1976 годзе пабачыла свет апошняя кніга паэта “Хуткасць”.
У пасляваенны час А. Куляшоў напісаў шмат твораў пра выдатных сыноў нашага народа. Найбольш значнымі ў гэты час былі зборнікі вершаў: “Камуністы”, “Новая кніга”, “Сасна і бяроза”, а таксама паэмы “Цунамі”, “Далёка да акіяна”, “Варшаўскі шлях”, цыкл вершаў “Маналог”, прысвечаны памяці 3.Астапенкі і Ю.Таўбіна, беспадстаўна абвінавачаных у гады культу асобы Сталіна.
Пра выдатнага кіраўніка нацыянальна - вызваленчага руху Кастуся Каліноўскага А. Куляшоў расказаў у драматычнай паэме “Хамуціус” (1975).
Раптоўная смерць 4 лютага 1978 г. абарвала паэтычны маналог мужнага паэта-мысліцеля і грамадзяніна.
Яго імем названы Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт, у весцы Новыя Саматэвічы Касцюковіцкага раёна дзейнічае музей яго імя, у Магілёве імем паэта названа вуліца.