
Арсень Ліс (4 лютага 1934 - 28 мая 2018). Нарадзiўся ў в. Вётхава, Маладзечан. пав., цяпер Смаргонскі р-н), фалькларыст, адзін з першых даследчыкаў каляндарна-абрадавай паэзіі беларусаў, праблематыкі заходнебеларускага духоўнага жыцця, літаратуразнавец, краязнавец, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі
Паходзіў з беларускай сялянскай сям’і. Скончыў філалагічны факультэт БДУ, далей вучыўся ў аспірантуры Інстытута мастацтвазнаўства пры АН БССР.
Даследаваў фальклор, літаратуру, краязнаўства, гісторыю і перыядычны друк Заходняй Беларусі, жыццё і дзейнасць беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, гісторыю культуры. Аўтар манаграфій, літаратурных партрэтаў, эсэ. Адзін з аўтараў уступных артыкулаў і каментарыяў шматтомнага акадэмічнага збору «Беларуская народная творчасць». Адзін з аўтараў вучэбнага дапаможніка для студэнтаў ВНУ «Беларуская народна-паэтычная творчасць». Аўтар падручнікаў для студэнтаў ВНУ «Беларуская вусная народная творчасць», аўтар вялікага раздзелу ў падручніку для студэнтаў ВНУ «Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст.» (2000).
У друку па пытаннях беларускай культуры пачаў выступаць у 1955 г. Многія гады збіраў і аналізаваў каляндарна-абрадавы фальклор, аўтар шэрагу манаграфій і вучэбных дапаможнікаў па фалькларыстыцы. Аўтар універсальнай і галіновых беларускіх энцыклапедый. Адзін з удзельнікаў шасцітомнай навукова-тэарэтычнай працы «Беларускі фальклор. Жанры, віды, паэтыка» і чатырохтомніка «Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст.».
Пісаў сцэнарыi дакументальных фільмаў.