Еўдакія Якаўлеўна Лось (1929—1977)
Еўдакія Якаўлеўна Лось нарадзілася 1 сакавіка 1929 г. у вёсцы Старына Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Бацька, Якаў Васільевіч, і маці, Наталля Якаўлеўна, працавалі ў калгасе і выхоўвалі чацвёра дзяцей. У 1934 г. сям’я перабралася ў пасёлак Ушачы. Наладжанае жыццё дружнай сям’і перапыніла вайна. Голад, холад, нястачы... Старэйшы сын не вярнуўся з фронту, памёр у акупацыі хворы бацька.
Пасля вайны, скончыўшы сямігодку, Е.Лось працягнула адукацыю. Вучылася на школьным аддзяленні Глыбоцкага педвучылішча, пазней – на аддзяленні мовы і літаратуры педінстытута ў Мінску. Працавала літработнікам у рэдакцыі газеты «Зорька», рэдактарам аддзела мовы і літаратуры Вучпедвыдавецтва. Вучылася на Вышэйшых літаратурных курсах пры СП СССР у Маскве. З 1961 г. літсупрацоўнік газеты «Звязда», з 1963 г. – на творчай рабоце. Працавала адказным сакратаром часопіса «Работніца і сялянка», галоўным рэдактарам часопіса «Вясёлка».
Дэбютавала вершам «Сэрца дзяўчыны», які быў надрукаваны ў часопісе «Работніца і сялянка» ў 1948 г.
Пачала друкавацца з 1947 года. Першы зборнік лірыкі «Сакавік» выйшаў у свет у 1958 годзе. Пяру Еўдакіі Лось належаць паэтычныя зборнікі «Палачанка», «Людзі добрыя», «Хараство», «Яснавокія мальвы», «Вянцы зруба», «Перавал», «Галінка з яблыкам», «Лірыка», «Лірыка ліпеня», «Валошка на мяжы». Для дзяцей выйшлі кніжкі вершаў «Абутая елачка», «Казка пра Ласку, «Вяселікі» , «Зайчык-выхваляйчык», «Дванаццаць загадак», «Смачныя літары», апавяданняў «Дзесяць дзён у Барку». У 1979 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах. У 1984 годзе выйшаў у свет зборнік Еўдакіі Лось «Валошка на мяжы», у якім сабрана паэзія апошніх гадоў жыцця таленавітай беларускай паэтэсы.
Еўдакія Лось выступала і ў жанры прозы, выдала кніжкі апавяданняў «Пацеркі» «Травіца брат-сястрыца», цыкл «Навелы пятага паверха».
Пераклала на беларускую мову кніжку вершаў С. Баруздзіна «Краіна, дзе мы жывём».
Еўдакія Якаўлеўна вельмі любіла сваю малую радзіму – Ушаччыну, часта сюды наведвалася, прыходзіла ў раённую бібліятэку. Ушаччыне яна прысвяціла шэраг сваіх вершаў:
«...Паедземце, дружа, ва Ушачы,
Там зараз вясна, ды вясна
Бярэзіна соладка плача,
Над рэчкай – вятроў гамана…».
Пра што б ні пісала Е.Лось – кожная падзея, кожны вобраз быў прапушчаны праз яе ўспрыманне, пазначаны прысутнасцю аўтарскага «я».
Яе вершы перакладзены на трыццаць моў, сярод іх – амаль усе славянскія, мовы народаў СССР, англійская, французкая, венгерская... Дзякуючы Е.Лось па-беларуску загучалі вершы Дж.Байрана, С.Нерыс, Л.Украінкі, Р.Гамзатава, Д.Гулія, Я.Смелякова і інш.
Музыку на яе вершы напісалі У.Алоўнікаў, Т.Вагнер, Д.Камінскі, Ю.Семяняка, Д.Смольскі і інш. Яе імем названы вуліца ў Віцебску, Ушацкая цэнтральная раённая бібліятэка.
Памёрла 3 ліпеня 1977 года ў горадзе Мінску.
У 1996 годзе быў устаноўлены помнік Е.Лось ў г. Віцебску ля бібліятэкі імя Леніна.
РОДНАЙ МОВЕ
Табе складаю шчыры свой санет,
Прапрадзедаў маіх жывая мова,
Майго народа першая аснова,
Душы яго шырокі, чысты свет!
Калі і я ў табе дакіну след,
Хай не на ўсю ступню, хай напалову,
Твая заслуга, казачнае слова,
Адзнака новых радасных прыкмет!
Да глыбіні душы мяне хвалюе,
Як пазнаю цябе і прагна п'ю я,
Нібы вады з крыніцы мне далі.
I крочу, маладая, з асалодай
Па гэтай любай, сонечнай зямлі,
Дзе роднай мовай дадзена валодаць!